Вітаем усіх на старонках блога вучняў Хальчанскай базавай школы! Спадзяемся, што вы знойдзе тут шмат цікавых фактаў пра беларускую мову. Далучайцеся ў пастаянныя чытачы!
RSS

12/05/2015

Афарызмы пра кнігу

Праходзілі вякі, адыходзілі ў нябыт пакаленні, знікалі магутныя дзяржавы. а кніга - вялікае цуда, створанае чалавечым розумам, - жыла, хвалявала сэрцы, абуджала думку. (С. Александровіч)
***
Бясследна нішто не міне,
Гісторыя слова адродзіць.
Ты — мост,
па якім да мяне
Мінуўшчына ў госці прыходзіць.
Мільгаюць старонкі твае —
I мы размаўляем з вякамі,
I продак да нас дастае
Радкамі, нібыта рукамі.
Учора і сёння —
Штодня —
У люты мароз і ў адлігу
Стварае людская радня
Жыцця непаўторную кнігу.
Мы пішам адменным пяром,
Што ўручана родным народам.
Пілот у нябёсах —
крылом,
Араты на полі —
нарогам. 
Мы — словы такога пісьма,
Якое ў вяках не сатрэцца.
Ты — мост,
па якім нездарма
Іду я з патомкам сустрэцца.(П. Макаль)
***
Сярод хаты -
Стол для частунку, для бяседы,
А на сцяне - рог паляўнічы
І стрэльбіна старога дзеда,
І побач - з кнігамі паліца.
Я ўзяў адну, без пераплёту,
Відаць, шмат па руках хадзіла,
Відаць, чыталася з ахвотай...
"Мой родны кут, як ты мне мілы.." (М. Танк)

Псалтыр, пакрытую няжорсткай бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў,
Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай
I воску з ладанам прыемны пах пачуў. (М. Багдановіч)
***
З паглядам,
дзе мары вялікія спелі,
жаданні —
пасобіць айчыне хоць крышку,
каб ластаўкай
родныя словы запелі,
і родныя словы,
і першыя кніжкі. (М. Дукса)
***
Казалі, — рукапісы не гараць,
А я аднойчы бачыў, як гарэлі
У печы Галубковы акварэлі,
Як вершы адпраўлялі паміраць,
Сагрэтыя яшчэ жывым дыханнем,
I ласкаю, і трапяткім каханнем,
А кажуць, — рукапісы не гараць. (С. Грахоўскі)
***
Ёсць рукапісы, змест якіх сцярты, ледзь знаць,
Ці нат другі напісан сэнс бязбожна.
Іх палімпсестамі прынята здаўна зваць,
І першы іхні змысл пайме не кожны. (У. Жылка)